Купальская сустрэча ў Нова-Яньчыне
Фота: Святлана Парылава
Упершыню за пяць год існавання нашае суполкі святкавалі разам Купалле. Паехалі ў госці да цудоўных жанчын з вескі Нова-Яньчына. Дырэктарка дом фальклору, Раіса Паўлаўна з выдатнымі танцоркамі Соней, Маней, Аленай, Таццянай і гарманістам Валянцінам навучылі нас некалькім танцам.
Дакладней, мясцовым асаблівасьцям традыцыйных танцаў, якія мы ўжо ведаем. Аднак, адзін танец здзівіў, нават больш не рухамі, а словамі, якія спяваюць падчас танца. “Чувір, мой чувір, чувір на вір-вір-вір…”. Кажуць, у Беларусі больш такога нідзе танца няма. Будзем вучыць. І песню пра Насцю, якая мыла бялізну і закахалася ў гарманіста Ванюшу – таксама.
“Чувір” – не адзінае, што хочам вывучыць у бліжэйшы час. Разам з калегамі і сябрамі з Менску (танцавальны клуб “Сіта”, капэля “На таку”) хутка паедзем зноў у Нова-Яньчына, бо тут жанчыны дужа спрытна таньчаць “дробную” польку, якая пакуль нават дасведчаным танцорам не даецца. (Як тое было глядзі ў відэа «Дубовыя ногі»)
Але гэта добрыя планы. А на Купала мы палілі вогнішча, смажылі традыцыйную купальскую яешню, глядзелі на вяселку і захад сонца. І любаваліся нашымі прыгожымі нова-яньчынскімі пані.