Цуд, які мусіць адбыцца

Пяць інгрыдзіентаў для харошай вечарынкі


Нарэшце, вырашыла разабрацца з тым, што не так з нашымі сьвятамі. Магчыма, камута зраблю больку, то калі вы надта ранімая, тонкая натура — не чытайце. Бо ўзоры буду браць з таго, што некаторыя з вас робяць і ўпэўненыя, што робяць очэнь харашо (я ў гэтым сьпісе таксама, але свае вавачкі ўжо падлячыла крыху).

Аляксей Крукоўскі

Аляксей Крукоўскі /музыкант, арганізатар вечарын традыцыйных танцаў/

Тамушта не важна, раблю я гарадское сьвята, танцавальную вечарынку, карпаратыў, квэст, спартландыю, вяселле, канцэрт – канструюецца любая падзея аднолькава.

Калі паглыбляцца ў сутнасць, у самім слове “сьвята” закладзены яго галоўны сэнс (пра які арганізатары часам забываюцца і дарма) — сакральнасьць, міфічнасьць, містычнасьць пэўнага моманту жыцця. Тое, што нельга памацаць, але магчыма адчуць. Праз гэтае нематэрыяльнае, небытавое вызначаюцца каштоўнасьці, якія нас аб’ядноўваюць і даюць разуменьне хто мы. Напрыклад, сьвята Дзяды. У ім раскрываецца моц сувязі з продкамі, якая праходзіць праз нас і дае сілу тым, хто прыйдзе ў гэты сьвет пасьля нас.

Па сутнасьці, у любым сьвяце датыкаюцца бакі жыцця, якія ніколі не існуюць разам у паўсядзённасьці – больш менш аб’ектыўная рэчаіснасьць і таямнічае, памежнае. Вырашаецца паўсядзеннае ў сьвяце праз звыклае – ежу, рэчы, нейкія дзеянні. А вось адчувацца можа як цуд ці нешта тагасветнае, невытлумачальны смутак ці радасьць, глыбокая журба ці душэўны ўздым. Але толькі ў адзіным выпадку — калі ўсё сышлося, калі падзея стаіць на абедзьвух нагах, унутры б’ецца жывое сэрца, ёсьць інтэлект і знешні вобраз.

І гэта не я прыдумала і не эксперты па сьвятах.

У традыцыі любой цывілізацыі, любога народа, любой супольнасьці заўжды існавалі пераломныя моманты жыцця – нараджэнне, шлюб, смерць. З’яўленне чагосьці ці страта. У прыродзе таксама ж ёсьць кропкі-пераходы з аднаго стана ў другі, імкненні разьвітацца з нечым ці захаваць нешта. Гэта вельмі зразумелыя рэчы. І гэта вельмі зразумелыя пачуцці. І вельмі моцнае ўздзеянне на эмацыйным ўзроўні. І там няма нічога выпадковага, нічога “для прыгажосьці”. Кожны элемент мае сэнс. Таму, калі я сама ведаю, дзеля чаго задуманы івэнт, што ён сабой уяўляе, каму ён адрасаваны, калі ўсё правільна зрабіла – людзі, што прыйшлі да мяне, адразу зразумеюць аб чым гэтае сьвята, што яны мусяць там рабіць і самае галоўнае – хто яны. Адчуюць сваю датычнасьць. І атрымаюць сваю каштоўнасьць.

Танцы "На жыдоўскай ноце"

Танцы «На жыдоўскай ноце» /г.Барысаў/

За савецкім часам з’явіліся новыя сьвяты, прыстасаваныя да новых каштоўнасьцяў. Але каштоўнасьці апынуліся фальшывымі. Пасьля саўкоў сутнасьць сьвятаў зьнікла, а вось форма засталася. І вобразы фальшывак часткова захаваліся. І нават хтосьці ў іх верыць. Але асабіста для мяне цуд там не адбываецца. Гэта як з новым годам і дзедам марозам, калі сталееш. Мандарынкі і барада ё, а валшэбства няма. А патрэба ў ім усё роўна застаецца.

Узяць тыя ж магічныя Дзяды. Сэнс сьвята ў цішыні і камернасьці, калі застаесься ў сваяцкім коле адзін на адзін у межах свайго роду. Альбо “Несьмяротны полк”, цяперашняя мода ўшанаваньня герояў вайны сярэдзіны 20-га стагоддзя, дзе натоўп незнаёмых людзей нясе выявы сваіх дзядоў. І гэты шлях пачынаецца незразумела адкуль і спыняецца не ясна дзе. Хто гэтыя нябожчыкі? Навошта іх выцягнулі? Гэта каму і чаго дэманстрацыя?

Вельмі зразумелай становіцца цікавасьць да традыцыйных і рэлігійных сьвятаў. Там гэты сапраўдны цуд, гэтае сакральнае можна знайсьці і адчуць. Хаця варта помніць пра яшчэ такі момант, як узровень асабістых патрэбаў. Камута нармальна заходзяць і дэманстрацыі, хапае і шашлыка пад Саладуху на Сьвята вёскі. І фабрычных вышыванак з дранікамі і народнымі сьпевамі пад фанеру на гарадскіх (эта ўвогуле абсурд жа!) Дажынках. Абы музыка гучна грала і людзей паболей сабралася. Бальшэвіцкая каштоўнасьць “нас многа, нам ня страшна, мы ўсіх пераможам” спрацоўвае. Як анальгін, часова. Але глыбінны чалавечы жах “я адзін у гэтым страшным космасе, мамачкі, хто я” натоўп ніколі не зьнішчыць назаўжды. Гэта стратэгія выратаваньня падчас катастрофы. А жах касьмічнай адзіноты старэйшы і даўжэйшы за ўсе катастрофы сьвету, тым больш старэйшы за саўкі з бальшэвікамі. І ў культурных супольнасьцях існуюць стратэгіі выратаваньня гэтага жаху, сьвяты – адна з іх.

Купальскі вечар

Купальскі вечар /в.Нова-Янчына, Барыcаўскі раён/

Ну, і падаецца, што тут такога, час ідзе, здараюцца новыя падзеі, новыя каштоўнасьці з’яўляюцца апяць. Можна выкарыстоўваць іншыя каналы камунікацый. Усё адкрыта, шмат ідэяў у інтэрнэце, хуткасьці касьмічныя, сьвет зьмяніўся. Многія мае знаёмыя робяць свае сьвяты ці там якія вечарыны і, быццам, пасьпяхова. І я раблю. І мне цікава супернічаць з часам, цікава ствараць сваю традыцыю. Нічога ж складанага.

Напрыклад, людзі сапраўды любяць і добра ведаюць гістарычныя танцы. Запрашаюць гасьцёў, якія таксама іх любяць, музыкаў наймаюць, купляюць шампанскага альбо гарбаты, здымаюць сядзібу, распланоўваюць час – усё. Народ весяліцца, музыкі граюць – класна. Прыходзіш на такую вечарыну. Таньчыш. Фоткаесься ў гістарычнай сукенцы. П’еш шампанскае. А потым раптам думка – госпадзе, што я тут раблю. Хто я? Князёўна? Жабрачка? Артыстка? Бухгалтарка? Чыясьці дачка? Пра што гэтае сьвята, хіба пра мяне? Фотасэт гэта ці дыскатэка ў гістарычных строях? І хто мне ўсе гэтыя людзі, што мяне з імі звязвае?

З гэтага ўзнікае першае пытанне, якое мушу задаць сабе, калі хачу зрабіць івэнт: ПРА ШТО?

Фарбаваныя яйкі на Вялікдзень і выява ўкрыжаванага Хрыста – гэта пра жыццё праз смерць, пра уваскрасеньне. Ясна і без паглыбленьняў у гісторыю рэлігіі. Тамушта традыцыя складалася стагоддзямі і захавала завершаныя вобразы, якія спрацоўваюць ужо на падсьвядомым узроўні. У сістэме нашых культурных кодаў, канешне.

А вось у навамодным гістарычным рэконсе з жорсткім дрэскодам я зразумела не адразу, што іхныя сьвяты не пра любоў да гісторыі, як многія тлумачаць гэтае сваё хоббі. Там пра гістэрычную патрэбу зьбегчы ад сучаснага сьвету, які пачаў рабіцца не бінарным. У гэтых суполках ты мусіш вылучыць свой гендар і несьці яго, як сьвяшчэнны штандар. І не дай табе Божа апрануцца ў кроспольны строй (строй не свайго полу) ці паводзіць сябе не зусім адпаведна гендару.

Напрыклад, у некаторых выпадках калі ты дама, то некамільфо ўступаць у мужчынскую гутарку і адстойваць сваё меркаванне, хаця яны ў тваёй прысутнасьці размаўляюць. Ці запрашаць на танец кавалера. Разуменне падмены сэнсаў прыйшло да мяне на прыкрасным фестывалі ў стайні “Залатая шпора” (Менск), дзе арганізатары зладзілі забаву пра набор рэкрутаў. Быццам бы ўсе ўдзельнікі роўныя. І забаўляцца можна ўсім. Ну, цікава ж паспрабаваць хадзіць маршам, трымаць зброю. Гісторыя. Усё па-настаяшчэму. А вось не. Забава гэтая выключна для ўдзельнікаў-мужчын. Удзельніц-дзевачак, што хацелі далучыцца, не пусцілі, паздзекваліся, пасьмяяліся і выперлі. Стой, глядзі на нас, герояў, упрыгожвай сабой пастору. Пакуль мы тут пагуляем у свае мужчынскія гульні. А твая роля — дэкаратыўная.

Таму, калі выбіраць, куды паехаць за любоўю да гісторыі і гістарычных строяў, пагуляцца ў рэканструкцыю, я дакладна паеду ў іншае месца.

Уланскі палкавы баль

Уланскі палкавы баль /г.Менск/

Яшчэ прыклад. Сьвята “Багач” у Вязынцы (робіць СЭТ). Часткова рэканструяваны традыцыйны абрад, продаж хэндмэйду і танцы на сельскім падворку. Праводзіцца на тэрыторыі музея ў маляўнічым месцы, дзе сам Гасподзь быццам прапануе нам паглыбляцца ў традыцыю. Але зразумела, што гэта не сапраўдны абрад на сапраўднай мясцовасьці, успісаны ў быт людзей.

Вонкава – рытуальныя дзеі з кошыкам і зернем, красівыя абрадавыя сьпевы, выкананыя людзямі ў красівых рэканструяваных строях. Я прыхажу туды не ў строі. Быццам і не ўдзельніца, а глядачка. Але прастора не падзяляецца на зоны артыстаў і гледачоў. І ў мяне ўзікае шмат пытаньняў – хто я тут і што мушу адчуваць. Хто гэтыя людзі і навошта яны гэта ўсё робяць. Паганскія каштоўнасьці продкаў, закладзеныя ў гэтым сьвяце пра ўрадлівасьць і ахвяры багам, мяне не кранаюць. Ці кранаюць яны гэтых людзей? Магчыма, гэта тэатралізацыя з мэтай захаваць ці камусьці паказаць традыцыю?

Але людзі ў строях не пазіцыянуюць сябе акторамі. У выніку атрымліваюцца вельмі прыгожыя фоткі сьвяточна апранутых людзей, якія танцуюць і сьпяваюць і адчуваньне, што я трапіла на сімпацічны, але чужы карпаратыў, дзе адбываецца нешта харошае, але я не магу зразумець што.

Другое мае пытаньне – ШТО Я ХАЧУ СКАЗАЦЬ альбо ІДЭЯ.

Звычайна чалавек калі нешта робіць сьвядома, робіць гэта з мэтай. І звычайна ў сьвядомых дзеяньнях ёсьць нейкая думка. Лічу гэта галоўным, на чым будуецца ўсё і на што нанізваюцца элементы, якія ствараюць вобраз і сутнасьць падзеі. Ідэя — гэта кропка запуску.

Ну, вось “Калядны вечар у глыбінцы” (Віцебск, клуб “Паўночная вежа”, які займаецца рэканструкцыяй шляхецкіх танцаў і баляў пачатку 19 стагоддзя) — гэта ідэя. З назвы адразу вымалёўваецца карцінка. Гаспадары ў суполцы папярэджваюць, што вечар будзе сяброўскім, не стоадсоткава рэканструктарскім, без жорсткага дрэскоду, каб ніхто не абнадзейваўся і не расчароўваўся. Ужо ў запрашэнні адчуваецца цеплыня і клопат (пра які яшчэ скажу асобна).

Альбо “Залаты восеньскі баль” (студыя “Ампір”, Барысаў, рэконс таго ж часу) – таксама прыгожая назва. І, дарэчы, вельмі гістарычная – калісьці было модна ладзіць “каляровыя” і іншыя тэматычныя балі. Напэўна, тут будзе ўсё адпавядаць перыяду, з захаваньнем тагачаснага этыкету, выкшталцона, эстэцкі. Хочацца туды патрапіць, люблю густоўныя івэнты.

Мяркуючы па ўсім, баль задумалі да фестывалю, прысьвечанаму пераправе Напалеона праз Бярэзіну, у гэтым бачны добры арганізатарскі разлік, бо рэкансруктары падзею гэтую шануюць, з’язджаюцца на яе і дакладна захочуць паўдзельнічаць не толькі ў ваенным рэконсе, але і ў балі.

Заходжу ў суполку. Сапраўды, танцы эпохі Напалеона. Гэта пэўны стыль і характар. Гаспадары заклікаюць гасьцёў апрануцца ў ампірны гістарычны строй колераў “залатой восені”. Аднак. Баль мусіць адбыцца ў канцы лістападу. То бок, колеры саўсем ужо не пра золата. Суполку ўпрыгожвае эпіграф з верша вядомага аўтара, напісаны праз дваццаць гадоў пасьля напалеонаўскай вайны. Падчас самой вайны паэту было 13 гадоў. А дзе хвалёная гістарычнасьць? Пры чым тут гэты паэт, хаця б ён і тры разы вялікі і верш пра восень? Кавалерам прапануюць бутаньеркі ў выглядзе вясёленькіх жоўценькіх дзьмухаўцоў…

Тут я пачынаю цалкам губляцца – што ж хочуць мне данесьці спадары арганізатары? Падобна на чарговы чэбурэк з гарадскіх дажынак, толькі што ў абгортцы залатой ампірнай …сітнэтыкі.

Залаты восеньскі баль

Залаты восеньскі баль /г.Барысаў/

Ці вось як вам ідэя вечарыны “Навагодняя ноч танцаў” (Танцавальны клуб “Сіта”, Менск)? Сьвяточная ноч з традыцыйнымі танцамі ў сяброўскім коле, жывая музыка, дамашняя атмасфера. Раз на год – сімвалічна, прыгожа. Кранае, калі чалавек любіць танцы і рамантызуе навагодюю ноч. Ёсьць перспектыва зрабіць з гэтага сімпатычную традыцыю ў пэўнай супольнасьці. Не для ўсіх, але ўжо з запрашэньня зразумела якая там ідэя, і ясна, каму падыходзіць, каму – не.

А, напрыклад, “Першая ў Беларусі міжнародная ноч танцаў” (Гродна, суполка “Танцы гарадзенскіх дворыкаў”). У чым тут ідэя? Дапускаю, кагосьці абавязкова першасьць і міжнароднасьць кране і выклікае душэўнае трапятаньне. Але самае лепшае і цалкам арганічнае выкарыстаньне “міжнароднасьці”, як мне падаецца, выяўляецца ў форме спаборніцтва. Культурнага ці спартовага. Эўрабчанне, Алімпіада. А ўсялякія сьвяты нацыянальных культур ці міжнародныя выставы – тут іншыя мэты і задачы, і ідэя там саўсем не ў міжнароднасьці. Магчыма ў суседскіх стасунках у межах мястэчка. У жыцці на адным кантыненце без вайны. Ва ўплыванні традыцый адна на другую, і гэтай далей. То бок, сама па сабе міжнароднасьць гэта не ідэя, а дасягненьне ці амбіцыя арганізатараў.

Адсюль узнікае наступнае, трэцяе маё пытаньне. Ідэя (калі яна ёсьць) шукае сваю ФОРМУ. Калі выразнай ідэі няма, таксама адбудзецца пошук формы, але ў гэтым выпадку будзе ўсё складаней.

Арт-аб'ект з перфомансу "Напалеон горада Бэ"

Арт-аб’ект з перфомансу «Напалеон горада Бэ» /г.Барысаў/

Прыклад “ідэя ё, з формай памыліліся”. Харошая была ідэя пагаварыць з гараджанамі пра гістарычную памяць (праект “Напалеон горада Бэ”, Барысаў). Мастацка-дасьледчыцкай мовай. У выніку не атрымалася ні добрага мастацтва, ні грунтоўнага дасьледваньня. Ні нармальнай гутаркі па-за межамі ўмоўна гістарычнае суполкі. У выніку — незразумелы перфоманс, даволі ўдалая публічная лекцыя з дыскуссіяй, якая тым не менш не мела працягу ў іншых праектах, выстава, каторую наведалі, добра калі якіх 200 чалавек і мабільны гід, якім ніхто не карыстаецца.

Прыклад “ідэя ё, форма выдатная”. Тая ж канцэпцыя – захоўваньне гістарычнай памяці. Але не ў межах мястэчка, а ў межах краіны. Віцебскі клуб “Паўночная вежа” некалькі год запар рабіў ампірныя балі ў мала распіарыных, але вельмі цікавых сядзібах – Крычаў, Навагрудак, Скокі. Удзельнікі атрымлівалі задавальньне ад самой вандроўкі, зносінаў, новай інфармацыі пра нашае шляхетнае мінулае і рамантычнай вечарыны ў гістарычных строях і гістарычных дэкарацыях. Выдатна. Хочацца працягу, бо не кранутыя піарам і турыстамі сядзібы ў нас яшчэ ёсьць.

Прыклад “ідэя незразумелая, форма таксама не алё”. Першая беларуская міжнародная ноч танцаў, прасці яе госпадзі. І яшчэ й дзень танцаў там жа. У Гародні. Паўдні майстар класаў, потым да раніцы быццам бы начная вечарына. Але ў рулез напісана, што алкаголь не вітаецца. Ну, бывае. Начная вечарына для аматараў здаровага ладу жыцця. І цягам усяго дня, і ўсей ночы ў танцавальным памяшканьні лупіць аднолькавае, на ўсю моц, роўнае святло без аніякага характару, як у спартовай залі. То, магчыма, арганізатары памыліліся і гэта ў іх не вечарына? А, напрыклад, школа танцаў розных народаў на суткі ці ноч міжнароднага танцавальнага фітнэсу. Але, што удзельнікі мусяць там рабіць, калі яшчэ цэлая ноч наперадзе, а майстар класы сконьчыліся? Ператантацаваць як мага больш танцаў? Тагда эта не вечарына, і не школа. Эта марафон. Ёсьць такая форма, вельмі цікавая таксама. Аднак, яна патрабуе іншае драматургічнае пабудовы, арганізацыі прасторы, наладжваньня стасункаў, настрою і атмасферы.

У выніку, калі форма не стасуецца з ідэяй, цяжка зрабіць той самы фокус, цуд. Бо немагчыма дабіцца стварэньня таго, што мусіць застацца пасьля сканчэння падзеі і што ўдзельнікі захаваюць у памяці ў зразумелым выглядзе, які ні з чым не пераблытаеш. Сувенір, з французскай. Нематэрыяльны.

Тут мае быць чацьвёртае маё пытаньне. АТМАСФЕРА І ВОБРАЗ.

Атмасфера гэта тое нетрывалае, невытлумачальнае, на ўзроўні пачуццяў, эмацыйнае — куды трапляеш падчас івэнту. Яно быццым бы твае ўнутранае, але сканструяванае рэжысёрам, які вядзе па нітачцы сваёй ідэі і дакладна ведае, адкуль і куды гэтая нітачка цягнецца. А вобраз — тое, што застаецца з табой ва ўспамінах, сімвалічнае, ўлоўнае і канкрэтнае. І гэта (хай даруюць мне фатографы і аператары) – не здымкі і не відосы. Бо калі атмасферы не адбылося і вобраз не быў створаны, праз некаторы час гэтыя вясёлыя карцінкі згубяць свой сэнс. І разглядаючы іх буду думаць, ці пасуе мне сукенка, ці ажаніўся той хлопец, з якім таньчыла абэрака. А пра само сьвята змагу сказаць, максімум, — падаецца, было ці то зімой, ці то ўвосень, многа людзей, захварэла на ангіну. Альбо – лета, гарачыня, пыл, блакітная сукенка.

Бо атмасфера ствараецца не гарбатай на зёлках і не бальнымі карткамі. Не выбраным шыкоўным гістарычным палацам, хаця месца і натуральная дэкарацыя – важна. Не гучнай назвай. Не павешанымі на сцены рушнікамі. Не бутаньеркамі. Не напорыстым піарам. Нават не лепшымі музыкамі, якія калі проста граюць, то проста граюць.

Але і гэтымі рэчамі таксама, калі яны да месца і працуюць на ідэю. Уласнае адчуваньне ідэі ўвасабляецца арганізатарам ў дробязях, надзеленых сэнсам. У межах абранай формы. Нічога выпадковага, я паўтаруся. Нічога “для прыгажосьці”. Толькі ў гэтым выпадку магчыма зрабіць тую адчувальную прастору эмоцый, у якую патрапіць чалавек. І адтуль забярэ з сабой сваё асабістае ўражанне, якое ўвасобіцца ў пэўным жывым вобразе. І тады будзе так, што і танцы здарыліся, і цуд таксама. Для мяне гэта каштоўнасьць. Атрымаць такі вобраз альбо прыкласьці руку да яго стварэньня.

Цалкам не важна, гэта будзе патрыятычная эмоцыя вялікіх міжнародных спаборніцтваў, адчуваньне датычнасьці каранёў падчас традыцыйнага сьвята на вёсцы, радасьць разуменьня мовы незнаёмых дагэтуль танцавальных рухаў іншай краіны ці душэўная цеплыня звычайнай сяброўскай сустрэчы ў гасьціннай хаце.

Вечарынка

Вечарынка /аграгарадок Міханавічы/

Кшалту танцавальных вечароў у Міханавіцкім доме фальклору (робіць капэля “На таку”, Менск). Нічога асаблівага, звычайны аднопавярховы домік з печкаю ў аграгарадку пад Менскам. Месца няшмат. Прыемнае неяркае святло. Драўляная падлога, драўляная мэбля. Усё па-простаму. Пераступаееш парог і апынаешся ў сваіх. Як даўней, калі добрыя людзі прапанавалі хату любіцелям патаньчыць. Сабіраюцца суседзі, сваякі, хтосьці з мястэчка даязджае. Музыкі прыходзяць. Гасьцінныя гаспадары ўсім гарбаты нальюць, за стол пасадзяць. Таньчыць цесна, але ў гэтай цеснаце, як у харошых абдымках. З адчуваньнем гэтых абдымкаў з’язджаеш і хочаш вярнуцца. Усё арганіча, даверліва. Няма аніякага рэгламенту, аніякага шматслоўнага піару, якія б сапсавалі адразу ўсю чароўнасьць.

Вось тут і хаваецца валшэбство спраўджаных чаканьняў і надзеяў з глыбокага дзяцінства, калі яшчэ верыш у дзеда мароза. Ратаваньне ад жаху адзіноты. Яснасьць, што ўсё ўрэшце рэшт будзе добра.

Натальля Голава

Натальля Голава /рэжысёрка, арганізатарка івэнтаў/

Застаюцца пытаньні выбара МЕСЦА, складаньня ДРАМАТУРГІІ і СТРУКТУРЫ, разліку АЎДЫТОРЫІ і іншых рэчаў, якія не дадуць сэрцу майго сьвята ці падзеі спыніцца альбо працаваць з перабоямі, губляць дынаміку, страчваць фарватэр.

Як, напрыклад, “начны перакус” у Гародні, калі арганізатар не падумаўшы пра чалавечы фактар і цэласнасьць свайго мерапрыемства ўляпіў пасярод ночы надта доўгі антракт з пераходам у іншае памяшканьне. Не ўлічваючы, што этымі буцербродамі пераб’е танцавальны апетыт і сапсуе дынаміку дзеі, калі ва ўдзельнікаў падключаецца “керасін другога дыханьня” і спыняцца нельга, а трэба, наадварот, падтрымліваць эмацыйны градус.

Але гэта прафесійныя тэхнічныя рэчы, арыфметыка рэжысуры, пра якую можна пачытаць у экспертаў па сьвятах.

А я абяцала яшчэ сказаць пра (пятае,) КЛОПАТ.

Надта цесна альбо, наадварот, вялікая няўтульная прастора. Гарачыня на адкрытым паветры, ад якой няма куды падзецца. Памяшканьне без нармальнай вентыляцыі, прыбіральняў, вады. Неабходнасьць перабягаць падчас гарачых танцаў праз халодную вуліцу ў іншае памяшканьне. Нязручна дабірацца. Не зразумела, хто ты – гледач ці ўдзельнік. Не хапае гуку ці асьвятленьня. Не хапае месцаў пакласьці рэчы. Не хапае буцербродаў. Не хапае інфармацыі. Зразумела, у параўнаньні з недахопам ідэі гэта не самае страшнае і можна прабачыць гаспадарам. Але… Падзея мусіць быць для людзей, а не людзі для падзеі, як на нашых афіцыйных дзяржаўных сьвятах. Гасьціннасьць не ва ўсьмешках гаспадара, а ў тым як ён падумаў пра простыя бытавыя рэчы і камфорт сваіх гасьцёў.

Ну, і апошняе. Прыклады свьятаў, якія ўразілі мяне і ўспамін пра якія захаваю на доўгі час.

Афіша "Млын гарманістаў вясельных"

Афіша «Млын гарманістаў вясельных» /Польшча/

“Млын гарманістаў вясельных” (Польшча, 2017). Чалавек, які шмат гадоў зьбірае архівы пра вясковых музыкаў, вырашыў імі падзяліцца з аматарамі традыціі і паклікаў усіх на стары млын (цяпер культурная прастора) у польскай правінцыі, адкуль родам усе гэтыя прыгожыя абэракі і мазуркі. Я паглядзела рэкламнае відэа ў суполцы і нічога не зразумела пра іхную музыку, але мяне паланілі вясельныя галубкі на афішы і магічны вобраз старога млына. Гэта было ўдалае спалучэньне для такой уражлівай асобы, як я. Высьвятлілася, ня толькі для мяне. Не люблю вялікія натоўпы людзей, але на Млыне была настолькі якасна распланаваная прастора і ўлічаныя ўсе бытавыя патрэбы ўдзельнікаў, што я і не заўважыла ні натоўпу, ні саўсем не пяцізоркавага размяшчэньня. Што тычыцца ідэі, формы, атмасферы – гэта былі, напэўна, адны з самых рамантычных сутак адыходзячага года. Усё тонка і густоўна. Ад такіх дробязяў, як галубкі з афішы, каторых там і ўбачыла ў выглядзе гірляндаў з паперы, да адчуваньня, што патрапіла ў самае сэрца этага іхнага абэрака. І маё сэрца яшчэ доўга пасьля Млына грукала на раз-два-тры.

“Гукі возера” (Латвія, 2015). Кожны год напрыканцы жніўня пасярод вялікага возера на сьвітанку адбываецца музычная імпрэза. Хто будзе граць не вядома. Толькі час, калі ўсё пачнецца – тры гадзіны раніцы. Мы прыехалі на машыне ў поўнай цемры да возера, дасталі гумавую лодку, апрануліся цёпла і ў цішыні накіраваліся да сярэдзіны. Над намі было толькі чорнае неба з зоркамі, міма праплывалі агенчыкі сьвечак, побач ціха плёскалі чыісьці вёслы. Людзі плылі моўчкі ці перагаворваючыся нягучна. Размаўляць у голас не хацелася. Было такое крохкае, памежнае адчуваньне рэальнасьці і сна. Праз некаторы час мы пачулі гукі трубы, якія быццам каціліся да нас і разьлівалася па ўсёй роўнядзі возера ў цемнаце. Крышачку пасьвятлеў кавалак неба. Мы набліжаліся да музыкі. Сонца ўзыходзіла, па вадзе сцяліўся туман. Я не запомніла, падаецца, гралі нейкія скандынаўскія мінімалісты. Раптам адчула салодкі пах гарачага шакаладу, там побач быў плот, дзе смажылі вафлі і варылі какао. Яшчэ ў туманных прыцемках пачалі паказвацца тыя, хто плыў побач у гуках музыкі. Сотні лодак. Сотні людзей разам. Дарослыя, дзеці. Сонца ўзышло і канцэрт сконьчыўся. Але вось гэтае адчуваньне памежнасьці і рэальнай нерэальнасьці таго, што адбывалася, памежнасьці свету і цемнаты, мягкі рух вады, цішыня сярод музыкі, адчуваньне што я – частка гэтай музыкі, гэтага возера і гэтага тумана, і сонца ўзыходзіць унутры мяне, — яно засталося, і гэта вельмі моцная рэч. Паслухала зараз тэкст відэа пра гэтую падзею, менавіта пра такія адчуваньні арганізатары вельмі паэтычна апавядаюць. Яны хацелі падарыць гэтыя эмоцыі і ў іх атрымалася.

EZERA SKANAS 2016 from Ezera Skanas on Vimeo.

Што скажу ў завяршэньне. Абедзьве падзеі – пра любоў. Больш за тое – усё на свьеце пра любоў альбо пра яе адсутнасць. А любоў – рэч сакральная. Гэта цуд, які не змагу дастаць як труса з шапкі, калі не валшэбніца. Усе ж ведаюць пра двайное дно. І не змагу нікому падсунуць замест цуда буцерброд. Бо эта саўсем пошлая ідэя. Так што, я працягваю вучыцца валшэбству. Магчыма, з маленькіх харошых сьвятаў з цудам унутры пачнуцца перамены і ў вялікіх сьвятах.

Проста хацела разабрацца, што раблю не так і чаму часта не атрымліваецца гэты фокус з цудам на іншых імпрэзах, куда даводзіцца трапляць.

Дзякую, што прачыталі.

Натальля Голава
vk.com/nata.holava

/Фота ўзятыя з танцавальных суполак і асабістых архіваў, відэа з сайта ezeraskanas.lv /

Меркаваньне аўтаркі можа не супададаць з меркаваньнямі удзельнікаў “Барысаўскай мызы”.