На жыдоўскай ноце гралі і танцавалі ў старым дворыку

Фота: Валянціна Цвірко, Генадзь Скалабан

Вечарыну габрэйскіх танцаў 9 чэрвеня 2017 года зладзілі мы разам з мінскай капэляй “На таку”. Спачатку ўдзельнікі вывучылі некалькі сапраўдных ашкеназскіх танцаў – Хору, Булгар, Шэр і Іголачку ў харэаграфічным класе. А потым усе накіраваліся ў дворык на Дзяржынскага, 66.

Габрэйскія танцы

Месца выбралі не выпадкова, да рэвалюцыі горад Бэ быў на 80% габрэйскім. А стары горад – увогуле, тыповым габрэйскім мястэчкам. Ну, што казаць, 13 сінагог! Две з іх захаваліся, зараз проста будынкі, якія нагадваюць пра мінулае. Хоць нешта. Аднак ад культуры і традыцый габрэяў тут не засталося амаль нічога. Нават апошнія барысаўскія клезмеры дзесьці зніклі. Але ж моцны ўплыў габрэйскае музыкі адчуваецца ў традыцыйных, быццам бы беларускіх танцах, якія мы тут таньчым – Жыдок, Жыдовачка, кадрыля “Нажнічкі” (яна ж амаль што Шэр і перакладаецца так жа). Любімы факстрот Bei Mir Bist Du Schoen. Яшчэ Карманьчыкі. Ну, там здаецца, эстонска-амэрыканскі Кікапу. Гармошачка. Ды й музыкі нашыя любяць нават вядомы Падыспан найграць пад яўрэйскі “Круціцца верціцца шар галубой…”. Няма ўпэўненасьці, што ашкеназскія танцы ў Барысаве нашыя продкі таньчылі ў тым выглядзе, як мы вывучылі. Але, хто цяпер дакладна адкажа, было тое ці не.

На жыдоўскай ноце

І ўсе ж галоўнае – гэта тая самая “жыдоўская нота”, пра якую распавеў акардэаніст Аляксей Крукоўскі, і якая падаравала назву вечарыне. Ці, як кажуць, лішняя нота. Яна і надае гэты яўрэйскі каларыт у музыцы. І без яе, па словах таго ж Аляксея Ўладзіміравіча, клезмерская мелодыя пераўтвараецца ў звычайны факстроцік.

Разам з мінскай капэляй “На таку”

Яшчэ адно адррозненне нашых, больш сціплых танцаў ад габрэйскіх – свабодныя рухі, шмат жестаў, абавязковы кантакт вачэй. Дасьледчыкі ашкеназскіх танцаў кажуць, што танец для габрэя, які выйшаў з хасідскае традыцыі, гэта ў першую чаргу — размова. З Богам, з сябрам, са сваяком, з выпадковым партнерам у танцы.

Клуб гістарычнага танца Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Што казаць, скаладана было пачынаць таньчыць у гэтай манеры. І, каб адсвяткаваць пачатак аднаўлення гарадскіх танцавальных вечарынак у атмасферы яўрэйскага мястэчка, мы прапанавалі музыкам і гасьцям старога дворыка упрыгожыць сябе белымі стужкамі. Па старой традыцыі вясковых вяселляў, дзе цнатлівая нявеста абавязкова навязвала чырвоненькую стужачку на інструмент кожнага музыкі з капэлі… Мы палічылі белы колер – сімвалам пачатку новага часу для старога Барысава, пачатку вяртання згубленай часткі нашай гарадской гісторыі.

На жыдоўскай ноце гралі і танцавалі

Спадзяемся, вечарыны ў дворыку толькі пачынаюцца. І нашы пошукі “жыдоўскай ноты” і апошніх барысаўскіх клезмераў — таксама. Чакаем усіх на наступных імпрэзах!

На жыдоўскай ноце гралі і танцавалі ў старым дворыку

Арганізатар вечарыны – Клуб гістарычнага танца Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дарэчы, дзякуючы Цэнтру творчасці мы маем класныя пляцоўкі ў горадзе для рэалізацыі сваіх ідэй.