ІДЫШСКАЯ ВАНДРОЎКА БЕЛАРУСКІХ ПАННАЧАК
Две танцоркі, скрыпачка і віяланчэлістка з Беларусі паехалі ў Германію ў жніўні 2024 з музычнымі інструментамі, чаканнямі і спадзевамі. Бо месца, куды яны накіраваліся, – гэта адна з самых моцных суполак адраджэння і прасоўвання ідышскай культуры.
Цягам тыдня дзяўчаты вучыліся граць і таньчыць яўрэйскі рэпертуар на Yiddish Summer Weimar. Сёлетняя тэма – сувязі паміж малдоўскай, турэцкай і ідышскай традыцыямі. Сувязі шчыльныя, гісторыя цікавая і шмат што можа даць беларускам у разуменні сваіх мясцовых крос-культурных уплываў.
У Беларусі не засталося клезмераў, носьбітаў і нават сведкаў гэтай традыцыі. Адзінкі з людзей сталага ўзросту могуць узгадаць, як тут таньчылі і гралі яўрэі. Даўно ўжо няма ад каго пераймаць, няма добра распрацаваных прыкладаў. Пра мясцовы, літвацкі (беларускіх яўрэяў) рэпертуар не засталося амаль нічога, што можна было б выкарыстоўваць для аднаўлення традыцыі і выканання на вечарынках і святах у пост-фальклорнай (гарадской) суполцы. І, насамрэч, цяжка ўявіць сабе ні толькі лакальны рэпертуар, але як агулам выглядалі ідышская мясцовая музыка і танцы.
Навучыцца граць клезмер (а тым больш знайсці падыход да мясцовага, мала даследаванага і амаль не прадстаўленага ў ідышскім сучасным свеце рэпертуара) сам-на-сам з нотамі, рэшткамі архіўных запісаў і невялікай колькасцю тэкстаў – немагчыма. Таму сустрэча з ідышскімі экспертамі, праца на варкшопах з танцавальным аркестрам і ў танцорскай групе побач прасунутых танцораў і музыкаў – выдатная нагода падвысіць свае веды і навыкі.
Шэсць гадзін на дзень заняткаў ажно галава кіпіць, а вечарам яшчэ тры гадзіны музычных джэмаў. Дзе можна напоўніцу адчуць моц супольнасці, граць і таньчыць цалкам свабодна. Гэта бясконцы рух музыкі, эмоцый, адчуванняў, інсайтаў, новае разуменне мовы цела і спалучэнне розных моваў – бо ўдзельнікі і ўдзельніцы з’язжаюцца са ўсёй Еўропы, Амерыкі, Канады і іншых месцаў.
Тут гучыць музыка з розных краін, так ці інакш звязаная з яўрэйскай традыцыяй. У гэтым годзе, нарэшце, прагучалі і мелодыі з Беларусі. Нашыя ўдзельніцы ўжо працяглы час уцягнутыя ў даследванне і аднаўленне ідышскай традыцыі (адзін з вынікаў), таму патрапілі ў advanced группы. На фінальным балі музыканткі гралі ў аркестры каля 30 новых, распрацаваных падчас варкшопаў рознажанравых мелодый, а танцоркі дэманстравалі tentser-традыцыю – жанр “паказальнага” танца, уласцівага яўрэям.
Больш дэталёва і маляўніча тыдзень прыгодаў беларусак у Ваймары будзе прэзентаваны ў 30-хвіліннай дакументальнай стужцы (беларускія і англійскія субтытры дададзеныя), знятай на два смартфона. І калі пад канец гэтага відэа на вашых вачах не заблішчаць слёзы, вы такі точна чэрствы чалавек! А пакуль што — цізер:
Вандроўка была падтрыманая праграмай MOST+ 2024
Video credit YouTube @DanceTheJewels