Фотаздымкі з рыдыкюля.

Вашай увазе прапаноўваем нашу дакументальную караткаметражную стужку «Фотаздымкі з рыдыкюля» (у скарочанай тэлевізійнай версіі — «Я не крыўджуся на жыццё»). Мова стужкі беларуская, з субтытрамі на англійскай.

Гісторыя гэтага невялічкага кінапраекта пачалася з этнавандровак клуба «Кола» з Маладэчна. Мы сябруем з «Колам» цягам некалькіх год, разам ладзім мерапрыемствы, наведваем адно аднаго на дамашніх танцавальных вечарынках. Аднойчы «Кола» падчас экспедыцыі ў 2019 годзе патрапіла на вельмі цікавага інфарманта — дзеда Арсеня. 

Мясцовы «бабыль», катораму было ўжо пад 90 год, жыў на той момант у вёсцы Кучкі адзін з індыкамі і ўспамінамі. Але меў актыўнае і насычанае жыццё. Лідарка клуба «Кола» Воля Трубач ад пачатку размовы з Арсенем зразумела, што асабістая гісторыя і харызма ейнага новага знаёмага цягне на нешта большае, чым толькі экспедыцыйныя запісы. Калі Арсень адкрыў свой старэнькі рыдыкюль (з якім, як потым высвятлілася, ягоная сястра хадзіла на танцы), з фотаздымкаў быццам зайграла музыка. Воля прапанавала зьняць фільм пра Арсеня і ягоны рыдыкюль. І мы гэта зрабілі. 

 А «кавідным» летам 2020 (21 ліпеня, на дзень народзінаў героя стужкі) разам паехалі да Арсеня ў госці, каб паказаць кіно. Яму спаўнялася 91 год.

Бывай, дзед Арсень. І дзякуй табе за твой жыццёвы досьвід і прагу да жыцця, што ты здолеў шчыра перадаць усім, каго любіў.