«Чароўныя нажнічкі» аб’ядналі аматараў кіно і танцаў
Напрыканцы жніўня-2017 мы распачалі складаны працэс – стварэнне кіно. І гэта не першыя гульні ў сінематограф нашай суполкі.
Асноўная частка каманды клуба зараз — гэта і ёсць тыя самыя апантаныя кіношнікі, што сем гадоў таму на базе гарадскога тэлебачання СКІФ з дапамогай моладзевай тэатральнай студыі “Трыумф” зрабілі ажно 12-серыйны мастацкі фільм “Школа”. Танцы танцамі, але кіно здымаць хацелася, такім чынам у Клуба гістарычнага танца з’явілася першая аматарская чорна-белая камедыя “Заручаны ўчацвярох”, знятая падчас ампірнага пікніка ў гарадскім музеі.
У гэтым годзе ўдзельнікі Клуба зацікавіліся традыцыйнай культурай беларусаў, якая ўвабрала ў сябе шмат габрэйскага. Што вельмі характэрна і для Барысава, які да рэвалюцыі быў тыповым габрэйскім мястэчкам. Прыгожыя танцы першай паловы 20-га стагоддзя, песьні міжваеннага часу на ідыш, містычныя жыдоўскія казкі – усё гэта падштурхнула абраць тэму і напісаць сцэнар для чарговай кінастужкі, рабочая назва якой “Чароўныя нажнічкі”.
Гісторыя расказвае нам аб жыцці, прыгодах і раптоўным каханні беднага краўца Шмуэля, страшна таленавітага, але добра лянівага і вельмі сентыментальнага.
Каля двух тыдняў кіно здымалася. Асноўная частка эпізодаў адбывалася ў рэальных дэкарацыях старога горада – маляўнічых дворыках Барысава, дзякуй Богу і гарадской адміністрацыі, дагэтуль атмасферных і, як хтосьці сказаў, “шагалаўскіх”.
Шынок, дзе адбываюцца важныя падзеі фільма, быў зроблены на ганку каваля ў вёсцы Дудзінка.
У пакойчык галоўнага героя кінааматары перарабілі звычайнае памяшканне Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Тэатр “Відарыс” пазычыў мэблю, касцюмы. Грым – часткова набылі, часткова выкарыстоўвалі свой. Хтосьці здымаўся ў сваіх строях. Хтосьці прынёс рэквізіт. Паглядзелі па кінастужках пачатку 20-га стагоддзя акторскую пластыку і манеру работы камеры. І пачалі здымаць.
У фільме паўдзельнічалі некалькі прафесійных актораў, але галоўныя героі – ніколі ў жыцці не здымаліся ў кіно. Для многіх удзельнікаў масоўкі гэта таксама быў першы вопыт працы на камеру. Габрэйскія танцы ў фільме ёсць! Высветлілася, што іграць ролі і танчыць – даволі складана, рэжысёру не хапіла эмоцый у кадры, таму адзін з эпізодаў прыйшлося пераздымаць — атрымаўся другі дзень вяселля ў галоўных герояў.
Па традыцыі, перад тым як пачаць здымаць аб штатыў камеры прынята біць талерку з назвай фільма. Але ў нашай суполцы ўсё наадварот. З месцам і падрыхтоўкай, з некаторымі артыстамі, з дамовамі на здымкі былі праблемы, таму, каб не сурочыць, вырашылі біць посуд напрыканцы, у апошні дзень. Спадзяемся, усё ж на шчасце.
Зараз стужку чакае мантаж і падрыхтоўка музычнай часткі. Прэм’ера адбудзецца зімой. Месца і час пакуль невядомыя. Але дакладна “Чароўныя нажнічкі” можна будзе ўбачыць толькі на паказах, дзе фільм будзе суправаджацца габрэйска-беларускай музыкай, якую выканае наша капэля.
Больш падрабязна пра кінапрацэс, цікавыя дэталі і афішу чытайце ў суполцы.