Брэтонская субота ў Барысаве.

Ідэя навучыцца брэтонскім танцам узьнікла даўно і “дахадзіла”. Проста мы неяк заўважылі на мінскіх танцпаці, як парачкі выконваюць незразумелы нам а-ля французскі парны танец пад рамантычную павольную музыку, быццам бы на тры лікі. Нешта кшталту вальса, але не ён. Потым высьвятлілася, што гэта асобны напрамак народных танцаў (як ірландскія ці шатландскія) – брэтонскія. І нават ёсць цэлыя клубы, якія менавіта брэтоншчынай і займаюцца. І танцуюць не толькі сучасны варыянт мазурак, а ланцужковыя, кадрыльныя і іншыя вельмі цікавыя танцы з брэтонскай даўніны. Але ў Беларусі такіх супольнасьцяў пакуль што няма.

Аляксей Іваноў, наш танцавальны анёл, знайшоў танцмайстра ажно ў Маскве. І вось 24 сакавіка 2018 года чалавек, які больш за дзесяць год вывучае ад носьбітаў, вандруе па этна фэстах і выкладае ў маскоўскай суполцы брэтонскія танцы, Антон Багалюбаў (на фотаздымку Алены Ляшкевіч) прыехаў у Барысаў, каб зладзіць танцавальную суботу з варкшопамі і вечарынкай.

На нашу брэтонскую танцмайстэрню завіталі госьці з Мінска і іншых гарадоў. Мы засвойвалі  розныя віды бурэ, скаціш, а таксамаў праграме былі avant-deux des chiffonniers, avant-quatre du Tregor, avant-deux de Travers, Kaz a barh, Rond de Landeda, aeroplanes.

Фотаздымкі Алены Ляшкевіч з варкшопаў:

Асобная частка заняткаў была прысвечаная брэтонскім мазуркам! Вось трэніровачнае відэа з варшкопа, знятае нашай танцоркай Аленай Кучар:

Акрамя дасканалага валоданьня гэтым танцавальным матэрыялам у якасці танцора, Антон (якому на Мызе ў той жа момант далі пяшчотную мянушку Брэтон) аказаўся яшчэ і выдатным выкладчыкам. Дзякуючы яму мы зразумелі характар старадаўніх народных брэтонскіх танцаў і прынцып рухаў сучасных брэтонскіх мазурак. “Ма-зур-ка, раз-два-тры…” – трэба казаць сабе і партнёру ці партнёрке пад нос, пакуль абодва не вывучыцеся рабіць правільна гэты “падвісаюшчы” крок у паветры і адчуеце усім целам рытмавыя акцэнты на шасьці кроках. А не на трох. Бо гэта зусім не вальс.

Вечарам мы зьмянілі лакацыю і апынуліся ў сімпатычнай залі былога дома афіцэраў у ваенным гарадку Лядзішчы. Было сьвяточна і цёпла, што можна ўбачыць на фотаздымках Валянціны Цвірко:

Некаторыя танцы засталіся ў рэпертуары нашых вечарынак.

І рэзюме: не абавязковам быць этнічным брэтонцам, каб навучыцца самому і навучыць другіх. Бо перадаваць і пераймаць танцавальны досьвід можна дзе заўгодна і калі заўгодна. Галоўнае — быць адчувальным да характару пэўнай танцавальнай традыцыі.